Сергій Вікторович Жадан - Дэпэш Мод
Шрифт:
Інтервал:
Добавити в закладку:
– З мангольскай міліцыі, – удакладняе Вася.
– Добра – з мангольскай міліцыі. Але чаму яны называюцца сьцяпан галябарда?
– Дык гэта ж па-мангольскаму і значыць – «Хор мангольскіх міліцыянтаў»!
– сьцяпан галябарда – гэта «хор мангольскіх міліцыянтаў»?
– Так. Па-мангольскаму.
– Значыць сьцяпан галябарда – гэта множны лік?
– Так. Гэта множны лік, – упэўнена кажа Вася.
– Ой, бля.
Дваццаць другая гадзіна дваццаць хвілін. У эфіры – «Музычная талака»! – радасна ўрываецца ў пакой голас вядучага. Працягваем наш аповед пра творчасьць легендарнага ірляндзкага народнага калектыву «Дэпэш Мод». Як кажуць у народзе – бяда ідзе, бяду вядзе. Увосень 1970 году, халодным верасьнёўскім вечарам, бацька Дэйва – вірлавокі Бэн, пасьля працяглай цяжкай агоніі, зьвязанай зь цяжкімі цялеснымі болямі і маральнымі перажываньнямі, шчасьліва памёр, пакінуўшы сіротамі жонку-пакрытку і малога хваравітага Дэйва. Паміраючы, стары марак сказаў сыну: «Усё сваё жыцьцё я аддаў барацьбе за незалежнасьць Ірляндыі, не забывай гэтага, Дэйве. Годна нясі праз усё жыцьцё імя ірляндца, не давай гэтым сукам, гэтым факін-каталікам узяць цябе за геніталіі, памятай, бляха-муха, што ты з гордага роду Ганаў, а Ганы, бля, дадаў ён моцнае марацкае слоўца, – ніколі не прагіналіся пад гэтымі факін-каталікамі, зразумеў, ты, ублюдак малалетні?» – сказаў ён і з тым памёр. Малому Дэйву засталіся ад яго ў спадчыну толькі жэтон на рыбалавецкі човен і стары губны гармонік. Жэтон малы Дэйв адразу ж згубіў, гармонік, у прынцыпе, таксама, што не зашкодзіла яму, аднак, стаць у будучым зоркай шоў-бізнэсу.
Пачатак музычнай кар’еры біёграфы Дэйва зьвязваюць з тым сямейным бязладзьдзем, што ўзнікла ў дружнай сям’і Ганаў пасьля сьмерці бацькі. Дэйвава мама, ня маючы сілаў для супраціву і далейшай барацьбы, устае на шлях калябаранства, проста ў сваёй канторы аддаючыся афіцэрам вялікабрытанскіх ваенна-марскіх сілаў. Малы Дэйв балюча перажывае маральнае падзеньне бізкага яму чалавека... ну, то бок я так разумею мамы, – дадае ад сябе вядучы. Тады ж ён упершыню знаёміцца з наркакультурай, і гэта – паводле сьпевака – робіцца адным з найбольш прыемных адкрыцьцяў у ягоным жыцьці... Не, – раптам папраўляецца вядучы, – мабыць, усё-ткі не наркакультурай. Проста – культурай. А, тваю маму, – зрэшты ён абламваецца выпраўляць сваіх калегаў зь лёнданскай рэдакцыі, і далей ужо чытае з аркуша, што там ёсьць. – Менавіта ў гэты момант свайго жыцьця і ў такім стане малады Дэйв Ган пачынае займацца музыкай. Спачатку ён яе слухае, але зь цягам часу яму гэтага робіцца недастаткова і Дэйв вырашае стварыць уласны музычны калектыў, каб праз музыку выславіць свае пачуцьці, якія яны там у яго былі. Халодным восеньскім вечарам 1980 году, у адным з партовых ольстэрскіх бардэляў, Дэйв сустракае сымпатычную бляндынку, якую звалі Гор. Гор, – перачытвае вядучы, – ну да: якую звалі Марцін Гор.
– Во яго прэ, – кажа Вася.
– Ціха, – кажу, – а то зараз зноў пачнецца.
У жыцьці юнага Дэйва зьяўляецца першае сур’ёзнае захапленьне. Разам з сымпатычнай бляндынкай Марцін Гор яны зьбіраюць першы склад «Дэпэш Мод». Абавязкі ў калектыве дзеляць пароўну – Дэйв сьпявае ірляндзкія песьні, грае на некалькіх музычных інструмэнтах, а яго сымпатычная бляндынка танчыць на сцэне і займаецца фінансавым бокам справы. Неўзабаве ў іх нарадзілася дзіця.
– У каго нарадзілася дзіця? – пытае Вася.
– У «Дэпэш Мод».
– Да? – Вася зьдзіўляецца. – Цікава, ад каго.
– Ад сьцяпана галябарды, – кажу.
... То бок не, не дзіця, – зноў папраўляецца вядучы, – дзецішча, у іх зьяўляецца першае дзецішча – альбом «Гавары і запісвай», які адразу ж робіцца плятынавым. А зараз, – ён змучана пераводзіць дых, канчаткова, здаецца, заблытаўшыся ў сцэнарыі, – мы яшчэ раз зробім музычную паўзу і паслухаем наступную музычную кампазыцыю. «Маміны вочы». Сьпявае сьцяпан галябарда.
«Маміны сінія вочы, – адразу ж бяруцца за справу сьцяпан галябарда, – бачу вас як на далоні я – усе вы па-ра-рам смуткам апавітыя і трошкі ад сьлёзаў салёныя». «Трошкі ад сьлёзаў, трошкі ад сьлёзаў», – назадаволена зацягвае хор.
Трошкі салёныя, – думаю я, – гэта добра ці дрэнна? Мабыць, усё-ткі, дрэнна, было б лепш, каб іх нармальна пасалілі, калі я ўсё правільна разумею.
– Да, – гаворыць Вася. – Ну і жукі.
– Дзе жукі? – не разумею я. – Ты пра што?
– Пра маму.
– Што пра маму?
– Захавалі маму, – задаволена кажа Вася, так, нібы спраўдзіліся нейкія ягоныя падазрэньні наконт гэтага сьвету.
– Хто захаваў?
– Ну, гэтыя – сьцяпан галябарда.
– Ды ладна. Гэта ж яны так проста.
– Нічога ня проста. Чуеш, што кажуць – трошачкі салёныя.
«Па-ра-рам толькі вуснамі да Вас дакрануся», – працягваюць сьцяпан галябарда...
– Смакуюць, гады, – каментуе Вася.
– Перастань, – кажу. – Гэта проста сьмешна.
– Вуснамі, – кажа Вася. – Дакрануся. Гурманы херавы.
– Перастань. Яны ж пра іншае.
– Да? І пра што? Захавалі сваю вялікую мангольскую маму, а ты кажаш – пра іншае.
– Ды ніхто іхную маму ня хаваў. Як ты наагул гэта сабе ўяўляеш? Як можна вочы есьці? Вось як вочы ядуць?
– Маміны? – перапытвае Вася.
– Якія маміны? Маміны вочы ніхто ня есьць, – нэрвуюся я.
– сьцяпан галябарда – ядуць, – настойвае Вася.
– Ну, добра, – пагаджаюся. – Няхай маміны. Але лепш усё-ткі ня маміны. Там, вочы жывёлаў, напрыклад, як ядуць? Або вочы рыбаў?
– У рыбаў маленькія вочы, іх ніяк не ядуць, – гаворыць Вася.
– Гэта ў маленькіх рыбаў маленькія. А у вялікіх – вялікія. У акулаў, прыкладам.
– Акулы – гэта ня рыбы.
– А хто гэта, па-твойму?
– Па-мойму, гэта ня рыбы.
Я лёгка пагаджаюся, усё можа быць – магчыма, у ягонай пэрсанальнай карціне сьвету акулы – гэта ня рыбы, чаму я павінен пераконваць яго ў чымсьці супрацьлеглым.
– Ну, добра, – кажу, – добра. Хай не акулы. Ну, гэтыя, як іх? Скаты!
– Скаты? – зь недаверам пытаецца Вася.
– Так, – кажу. – Скаты. Як іх вочы гатуюць?
– У іх няма вачэй.
– Як няма?
– Так. Няма. Яны жывуць на такой глыбіні, дзе сьвятло расьсейваецца і вочы ім не патрэбныя.
– А як жа яны рухаюцца?
– Хто?
– Скаты. Электрычныя.
– А яны ня рухаюцца.
Увага!
Сайт зберігає кукі вашого браузера. Ви зможете в будь-який момент зробити закладку та продовжити читання книги «Дэпэш Мод», після закриття браузера.